Статкі зуброў з Белавежскай пушчы выйшлі на падкорм на адкрытыя ўгоддзі

21-Лiстапада-2023

Навукоўцы звярнулі ўвагу, што сваю дыслакацыю зубры змяняюць у залежнасці ад пары года. З наступам восеньскіх халадоў гэтыя жывёлы паступова змяняюць лясы на пашы. У зімовы час у лесе для такіх буйных жывёл недастаткова натуральных кармоў. Яны змушаны шукаць яго на гонях і сенажацях. Варта адзначыць, што зубры таксама не грэбуюць рэшткамі цукровых буракоў, катахамі кукурузы і нават пасевамі азімых.

Падкормлівацца за межамі лясоў волаты будуць усю зіму і раннюю вясну. Калі ў лясных масівах з'явяцца травяністыя кармы (арыентацыйна ў маі), зубры вернуцца ў свае традыцыйныя месцы рассялення. Такая заканамернасць у жыцці белавежскіх зуброў адзначаецца з года ў год. Пры гэтым каля 20% ад усіх белавежскіх зуброў застаецца зімаваць у лясах на месцах іх зімовага падкорму.