Спартыўная элегантнасць вавёрак-акрабатак

21-Кастрычнiка-2021

Той, хто хоць раз назіраў за вавёркамі ў лесе ці парку, ведае, што гэтыя маленькія грызуны - прыроджаныя акрабаты. Даследнікі з Каліфарнійскага ўніверсітэта ў Берклі паспрабавалі дэталёва вывучыць іх спрыт. Высветлілася, што акрабатычныя скокі вавёрак заснаваны на складаных вылічэннях, што адбываюцца за долі секунды.

У гэтым працэсе ў жывёл выпрацоўваюцца дасціпныя стратэгіі, падобныя на тыя, якія выкарыстоўваюцца ў вулічным спорце - паркуры. У яго аснове - пераадоленне розных перашкод з выкарыстаннем скокавых элементаў.

Каб зразумець, як вавёркі імгненна адаптуюць свае рухі ў лёце, навукоўцы ўсталявалі ў адным з паркаў адмысловыя палосы перашкод, скарыстаючы ў якасці прынады для вавёрак арахіс. Жэрдкі былі змесцаваны такім чынам, каб прымусіць жывёл скакаць на розныя адлегласці, атрымваючы за гэта смачную ўзнагароду.

Запаволеная відэаздымка паказала, што перад кожным скокам вавёркі правяралі ўстойлівасць свайго стартавага становішча і адлегласць да мэты, каб знайсці аптымальную пазіцыю для скоку. Падчас эксперыментаў ніводная з вавёрак не звалілася, бо яны скарысталі розныя стратэгіі і свае вострыя кіпцюры.

Асабліва дзіўным было адкрыццё, што звяркі зусім не накіроўваліся проста на патрэбную галінку, а скарысталі найблізкую сцяну, каб адскочыць ад яе, як гэта адбываецца ў паркуры. На погляд навукоўцаў, спартовая элегантнасць вавёрак можа неўзабаве паслужыць мадэллю для далейшага развіцця манеўранасці гнуткіх робатаў.